18 жніўня 2024 г. — 80 гадоў з дня стварэння Кобрынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (1944)
Пачаткам існавання пажарнай службы ў г. Кобрыне з’явіліся 1820-я гг., калі быў пабудаваны пажарны амбар. У 1869 г. пажарная ахова Кобрына была ўкамплектавана 4 пажарнымі помпамі, 8 бочкамі, 10 вёдрамі, 4 лесвіцамі, 8 сякерамі. Функцыю пажарных выконвалі мясцовыя паліцейскія ў колькасці 10 чалавек.
У тыя часы драўляныя пабудовы Кобрына часта гарэлі, прыносячы значныя страты гараджанам. Так,у 1847 г. у цэнтры горада пажарам знішчаны дзясяткі дамоў, не пашкадавала полымя і культавыя збудаванні; 5 мая 1895 г. падчас пажару згарэла два кварталы жылых дамоў, знішчыўшы 310 дамоў. У канцы XIX ст. пажары за два гады знішчылі 548 дамоў. Усё гэта прымусіла кабрынчан хадайнічаць аб стварэнні пажарнай аховы. Быў нават распрацаваны статут «Вольнага пажарнага таварыства», які накіравалі у Вільню на зацвярджэнне генерал-губернатару, але прыйшла адмоўная рэзалюцыя. Апошні буйны пажар у горадзе прыпадае на жнівень 1915 г., калі горад быў заняты германскімі войскамі. Згарэлі сотні пабудоў, гандлёвыя рады і будынак вакзала.
10 жніўня 2024 г. — 80 гадоў з дня стварэння Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (1944)
Савет Народных Камісараў БССР 10 снежня 1939 г. прыняў пастанову № 1145 «Аб арганізацыі пажарнай аховы ў заходніх абласцях Беларускай ССР», у адпаведнасці з якой былі створаны інспекцыі пажарнай аховы УНКУС па Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях, а ўся пажарная ахова арганізавана па існуючым у БССР прынцыпе і пажарная ахова НКУС БССР пераўтварылася ў аддзелы пажарнай аховы.
Маларыцкая пажарная служба размясцілася ў невялікім будынку па вул. Чырвонаармейскай. Аб даваенным перыядзе дзейнасці пажарных звестак вельмі мала, відавочна, што развіццю пажарнай службы перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Старажылы распавядаюць, як 22 чэрвеня 1941 г. пылала Маларыта, абстраляная нямецкімі захопнікамі. Гарэў увесь цэнтр, мала якія будынкі ўцалелі.